Стэфан Баторый у Белавежскай пушчы

Белавежская пушча — адзін з найбуйнейшых і старажытных лясных запаведнікаў Еўропы. Паводле сведчання гісторыка Паўла Шпілеўскага, такую назву пушча атрымала ад старажытнага мураванага замка з прыгожымі белымі вежамі, які ўзвёў у ХІІІ ст. яцвяжскі князь у цэнтры ляснога гушчару. Аднак гэта толькі адна з версій — да канца гэта пытанне не высветлена і па нашыя дні.

З XIV ст. пушча стала месцам палявання вялікіх князёў літоўскіх. Вядома, што сюды неаднойчы наведваўся Вітаўт Вялікі. Менавіта ў пушчы ў 1409 г. напярэдадні Грунвальдскай бітвы сустракаліся гаспадар Літвы з каралём польскім Ягайлам-Уладзіславам. Паляванне было яркім дадаткам да афіцыйнага мерапрыемства — Берасцейскай сустрэчы, дзе браты-манархі дамовіліся аб ваеннай кампаніі, так званай “Вялікай вайне” 1409 — 1411 г.г. з Тэўтонскім ордэнам. Імі было таксама загадана весці ў Белавежскай пушчы нарыхтоўку мяса для шматлікага польска-ліцвінскага войска. Мяса салілі ў дзежкі і па рэках Нараў і Вісла на барках сплаўлялі ў Плоцк на запас для будучай вырашальнай вайны з крыжакамі. Да таго ж для папаўнення конніцы адлоўлівалі тарпанаў. Другі раз Ягайла наведаўся ў Белавежскі край разам са сваім вялікім дваром у 1425 г., хаваючыся ад эпідэміі.

Ад тых пор усе польскія каралі і вялікія князі літоўскія рабілі сюды пастаянныя паляўнічыя ваяжы на зуброў, тураў, аленяў. Бывалі часы, што лясныя шаты рабіліся ў небяспечныя часы прытулкам-сховішчам для розных людзей — манархаў, шляхецкіх сем’яў, сялян-уцекачоў і разбойнікаў.

Кіраўнікі дзяржаў разумелі, што безгаспадарчыя і толькі спажывецкія адносіны да пушчы хутка знішчаць яе. Таму дзеля рэгулявання пушчанскай гаспадаркі выдаваліся спецыяльныя дакументы. Законы ў першую чаргу тычыліся каштоўных парод звяроў — зубраў і баброў. Напрыклад, першы звод законаў ВКЛ — Судзебнік Казіміра IV Ягелончыка 1468 г. прадпісваў аберагаць баброў, а статут 1588 г. прыраўніваў забойства зубра да сур’ёзнага крымінальнага злачынства. Пры Жыгімонце І у 1538 г. быў прыняты закон “Аб захаванні лясоў і палявання”, распараджэнне Уладзіслава IV ад 1640 г. забараняла высечку пушчанскага лесу.

Прыезды манархаў у пушчу заўсёды з’яўляліся неардынарнай падзеяй. Канечне, такія асобы жадалі не толькі паляваць, але і ўтульна адпачываць. Тым больш, што наведваліся яны сюды са знатнымі гасцямі і прыдворнымі.

Так, адным з першых у пачатку XVІ ст. пабудаваў у пушчы драўляны палац вялікі князь літоўскі Аляксандр для сваёй жонкі Алены Іванаўны Маскоўскай. Аднак, паводле крыніц, праіснаваў ён нядоўга, — пасля 1554 г. на будынак напалі раз’юшаныя зубры і разбурылі яго.

Новы раскошны паляўнічы палац з флігелямі і белымі вежамі з’явіўся на ўзвышшы каля мястэчка Нараўка пры Жыгімонце І Старым. Лічыцца, што менавіта пры ім у 1541 г. Белавежская пушча набыла статус паляўнічага заказніка. Дарэчы, гэта быў першы падобны прэцэдэнт у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

У 1581 г. кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый непадалёку ад Старога Белавежа, дзе стаяў палац Жыгімонта, узвёў новы замак Biala wieza, які таксама меў белыя вежы-прыгажуні. Пры Баторыі каля вытокаў р. Ялянка ўзнік першы каралеўскі паляўнічы звярынец і так званая Баторыева Гара. Пры ім жа ў канцы XVI ст. пушча стала мець уласнае кіраўніцтва на чале з галоўным ляснічым і спецыяльную варту, што змяшчаліся ў асноўным у фальварку Ямна каля паселішча Каралеўскі Мост.

Цікава, што зямля Пружаншчыны, на тэрыторыі якой і цяпер знаходзіцца значная частка масіву Белавежскай пушчы, захавала шмат сведчанняў па гісторыі старадаўняга лесу. Вядома, што ў самых Пружанах у XVІ — XVІІ ст.ст. існаваў драўляны двор, дзе спыняліся манархі, што ехалі на паляванне, тут жа змяшчаліся некаторыя адміністратары пушчы. Падобны аб’ект існаваў у Шарашове. З пушчай звязваюць некаторыя назвы геаграфічных аб’ектаў раёна. Вось толькі некаторыя з іх. Як сведчыць мясцовая легенда, назва вёскі Стараволя ідзе ад слова “воля”, якую тут атрымалі старыя вартаўнікі пушчы, што ахоўвалі Вялікі гасцінец — гандлёвы шлях з Кракава ў Вільню. Тапонім Роўбіцк нібыта ўтвораны ад імя Роўба. Падобным словам называлі аднагодкаў, равеснікаў, роўных ростам. Вёска ўпамінаецца пад 1559 г. у “Рэвізіі пушчаў і звярыных пераходаў”, дзе запісана, што Роўбіцкі жрэбій (свабодны ўчастак) быў адда-дзены Жыгімонтам ІІ Аўгустам для пражывання 10 сем’яў стралкоў лясной варты, якія ахоўвалі пушчу і займаліся падрыхтоўкай каралеўскіх паляванняў.

Паляўнічы палац Аўгуста ІІІ

Новы ўздым будаўніцтва ў пушчы назіраўся пры каралі польскім і вялікім князі літоўскім Аўгусце ІІІ Саксонскім у сярэдзіне XVIII ст. Быў значна перабудаваны і пашыраны ранейшы каралеўскі звярынец, які атрымаў назву Аўгустаў сад. На яго тэрыторыі ўзвялі альтанкі для манарха і яго світы. З’явіўся новы паляўнічы замак на ўзвышаным беразе р. Нараўка. Ён быў абкружаны прыгожым паркам і лугам з вялікімі дубамі. Рэзідэнцыя была разлічана на прыём вялікіх гасцей — мелася вялізная зала з камінам, па баках ад якой месціліся ўтульныя з высокамастацкай аздобай пакоі для адпачынку. Аўгуст ІІІ некалькі разоў прыязджаў на паляванне ў пушчу. У гонар аднаго з паляванняў ў 1752 г. на правым беразе Нараўкі недалёка ад замка быў пастаўлены памятны знак з белага пяшчаніку ў выглядзе трохкутнікавай піраміды ў 6 аршын вышынёю з надпісам аб тым, што кароль з каралеваю і 2 сынамі забілі 42 зубры, 13 ласёў і 2 серны. Указана была вага самага буйнога са знішчаных зуброў — 36 пудоў 10 фунтаў.

Пры Станіславе Аўгусце Панятоўскім у 1784 г. у Аўгуставым садзе быў узведзены яшчэ адзін драўляны трохпавярховы палац-павільён. На ніжнім паверсе ў ім размяшчаліся слугі, у сярэднім знаходзілася вялікая зала для караля, а верхні ўяўляў сабой адкрыты балкон, з якога прыдворныя маглі назіраць за паляваннем. Некалькі разоў прыязджаў у старадаўні лес апошні манарх Рэчы Паспалітай, аднак вынішчаў не ў такой колькасці, як яго папярэднікі.



Aўтар: Наталля Пракаповіч

Крыніца: Газета для вас